Дарогай шырокай, з дарогі нялёгкай,
Дый многа без ліку гадзін,
На кій абапёрты, стары і абдзёрты,
Ішоў падарожны адзін.
Ішоў ён да вёскі, што блізка дарожкі
У полі пад лесам была;
Там некалі даўна ён жыў добра, слаўна,
Там моладасць-радасць прайшла.
Там кінуў ён хатку, і бацьку, і матку,
I жонку пакінуў сваю,
I дзетак маленькіх, прыгожых, міленькіх,
Пакінуў усю там радню.
У дальняй старонцы лет многа бясконца
Пражыў у бядзе ён цяжкой;
Ні шчасця, ні долі не бачыў ніколі,
Бядуючы слёзна парой.
Цяпер на зямельку, сваю карміцельку,
Прыйшоў, каб пабачыць сваіх,
Убачыць каб хатку, і бацьку, і матку,
I дзетак — калісьці малых.
Ідзець ён, падходзіць і вёску знаходзіць,
Таксама, як жыў ў ёй, глядзіць:
I хаты ж такія — гнілыя, старыя,
Карчомка таксама стаіць.
Тут хата Захаркі, там Еські, Ганчаркі,
Там Янава жонка жыве,
Тут кум Давідзёнак, там сват Міхальчонак,
Там Сорка, што соль прадае.
А вот і садочак, а вот і дамочак
Даўнейшы яго тут відаць,
Во ганак той самы, з нізкімі акнамі, —
Будынкі таксама стаяць.
Уходзіць у сенцы, аж гнуцца каленцы,
А сэрца трасецца, баліць:
Што будзе тут скора — ці радасць, ці гора?..
Вось дзверы адпёр і глядзіць...
Уйшоў, пазірае, сваіх пазнавае...
Ах, што ж? Ці пазнае калі?
Заплакаў нябожа і глянуць не можа:
Чужыя ужо там былі!..
Апошнiя водгукi
3 дня 5 часов назад
1 неделя 2 дня назад
1 неделя 3 дня назад
2 недели 2 дня назад
3 недели 13 часов назад
4 недели 9 часов назад
4 недели 14 часов назад
4 недели 16 часов назад
4 недели 1 день назад
4 недели 2 дня назад