Дакастрычніцкі перыяд творчасці Янкі Купалы

Яшчэ не ацэнена

Творчасць Янкі Купалы называюць летапісам жыцця, працы і барацьбы беларускага народа, квітнеючым садам, у якім сабраны самыя дарагія каштоўнасці мастацкага слова. Купала адкрыў вобраз беларускага селяніна як першаасновы народнага жыцця, маралі, духоўнай моцы народа. Першы народны паэт Беларусі, драматург, перакладчык, палымяны публіцыст, грамадскі дзеяч, Янка Купала пакінуў нам багатую спадчыну, якая ўвабрала ў сябе народныя паданні, песні, казкі, легенды, а таксама традыцыі дэмакратычнай літаратуры XIX ст.

Паэтычны дэбют паэта — верш «Мужык», надрукаваны ў 1905 г. у газеце «Северо-Западный край». Верш «стрэліў як пярун сярод яснага дня», абвяшчаючы моц і сілу народа, увасобленую ў вобразе мужыка. Купала паказвае беларуса, які працуе, «як той вол рабочы», лечыцца без доктара і «свята рэдка калі» знае, не ўмее ні чытаць, ні пісаць, зносіць лаянку і свавольства пана. Абяздолены мужык не толькі скардзіцца на прыгнёт і нядолю, але і пачынае пратэставаць супраць сваіх прыгнятальнікаў, уступае на шлях барацьбы за права быць чалавекам, за сваю чалавечую годнасць:

                         I кожны, хто мяне спытае,
                         Пачуе толькі адзін крык:
                         Што хоць мной кожны пагарджае,
                         Я буду жыць! — бо я мужык!

У 1908 г. у Пецярбургу выходзіць з друку першы паэтычны зборнік Я. Купалы «Жалейка», вершы якога ствараліся на самым грэбені рэвалюцыйных падзей 1905—1907 гг. Гэту рэвалюцыю паэт называў «зоркай праўды святой» і верыў, што яна знішчыць няволю-бяду. У вершы «Там» (са зборніка «Жалейка» ён быў выключаны за яўна рэвалюцыйны змест) Я. Купала заклікае беларускі люд прачнуцца, прагнаць «аслепны сон» і ў адзінай і нязломнай грамадзе змагацца за сваё канчатковае вызваленне. «Хай у няволі ланцугі спадуць ад грому вашых сіл!» — усклікае ў канцы верша аўтар.

Аб гістарычным праве беларусаў на сваю незалежнасць, на свабоднае развіццё беларускай мовы вядзецца гаворка ў вершы «Ворагам Беларушчыны». Ён гучыць як водпаведзь тым, хто цураецца роднай мовы, хто бачыць беларусаў толькі цёмнымі, пакорлівымі і цярплівымі. Верай у нязломнасць духу беларускага народа і яго шчаслівы лёс напоўнены многія радкі верша. Выкрываючы ворагаў Беларусі, паэт сцвярджае: «Не пагасіць вам праўды яснай: жыў беларус і будзе жыць!»

Вершы зборніка «Жалейка» прасякнуты пафасам услаўлення беларускага мужыка-працаўніка, якога паэт з павагай называе панам сахі і касы. Купала паказвае цяжкае паднявольнае становішча селяніна, які не меў хлеба, хоць працаваў з ранку да вечара, паліваючы потам і сваю вузкую палоску, і бязмежныя панскія палі:


                         Бацькам голад мне быў,
                         Гадаваў і карміў,
                         Бяда маткай была,
                         Праца сілу дала.

Пагарджаныя, абяздоленыя, «сляпыя і глухія» беларусы ўзняліся на барацьбу (верш «А хто там ідзе?»). Ідуць яны грамадой, несучы сваю крыўду на паказ усяму свету. Рукі іх у крыві ад непасільнай працы, на нагах лапці. Імкнуцца яны да свабоды і шчаслівай долі, хочуць «людзьмі звацца». Словы «людзьмі звацца» сёння сталі сімвалам адраджэння нашага краю. Верш гэты М. Горкі назваў нацыянальным гімнам беларусаў, пераклаўшы яго на рускую мову. Сёння выдатны твор Я. Купалы перакладзены на 82 мовы свету.

Нягледзячы на сумныя, журботныя матывы першага купалаўскага зборніка, ёсць у ім і жыццесцвярджальныя вершы, скіраваныя ў светлыя далягляды будучыні. Надзеямі на лепшае жыццё прасякнуты верш «Чаго нам трэба»:

                         Працай ўсё зможам, новы быт зложым,
                         Гора затопчам сільнай нагой,
                         Зможам нядолю, зможам няволю,
                         Светач запалім шчасця свайго!

Другі зборнік Я. Купалы — «Гусляр» (Пецярбург, 1910 г.), у цэнтры якога вобраз гусляра з гуслямі-самаграямі. Паэт хоча ляцець «к зорам агністым, к прыволлю нябеснаму». Ён верыць у сілу народнай песні, якая павінна дапамагчы селяніну пераадолець духоўную адсталасць. У вобразе сонца (верш «Песня сонцу») аўтар бачыць вялікую сілу, здольную разбудзіць дух народа, узняць яго на змаганне супраць цёмных сіл.

У 1913 г. у Пецярбургу выдаецца трэці зборнік Я. Купалы — «Шляхам жыцця». Значнае месца ў ім займае вобраз беларускага мужыка і зямлі, на якой ён жыве. Але ж асноўная ўвага ў зборніку ўдзяляецца маладой Беларусі, якая змагаецца за права заняць ганаровае месца ў свеце.

«Ясны твар вясны» бачыцца Я. Купалу ў абліччы бацькаўшчыны (верш «Маладая Беларусь»). Радзіма — гэта ўвасабленне магутнага народа, загартаванага ў змаганні з прыгнётам. Паэт упэўнены, што ў час «буры, нягод і вялікіх надзей» Беларусь расцвіце, стане светлай казкай жыцця:

                         Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,
                               Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;
                         Занімай, Беларусь маладая мая,
                               Свой пачэсны пасад між народамі!..

Глыбокае пачуццё любові паэта да сваёй радзімы выяўляецца ў алегарычным вершы «Выйдзі...». Беларусь тут увасабляецца ў вобразе жанчыны-маці, якая пакутуе ад уціску царскага самадзяржаўя. Апранутая ў лахманы з кастры, з палыну, яна жыве пад «дзікай зімняй апекай», мерзне ад сцюжы і сіверу. Прайшоўшы цяжкія выпрабаванні, жанчына-маці не страціла веры ў хуткае адраджэнне. Паэт заклікае яе «скінуць зімовы рабскі сон» і выйсці насустрач вясне — свабодзе, шчасцю, светлай будучыні:

                         Ясна, святочна ў красы ўбярыся,
                         Птушкай свабоднай сягні ў вышыну,
                         З сонцам злучыся, зорамі йскрыся,
                         Песняй распейся, славай акрыйся.
                         Выйдзі спаткаці вясну!

Радзіма для Я. Купалы — і рэчка «з плытнікамі Нёман», і «пушчы Белавежскай гоман», і праталіны «вольнага прадвесня»... Глыбокая прывязанасць да роднай зямлі, еднасць з ёй асабліва абвастраюцца, калі паэт знаходзіцца далёка ад родных мясцін.

                         Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, —
                         На чужое неба ўжо гляджу сягоння.
                               Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
                               Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

                         I няма на свеце так вялікай меры,
                         I няма на свеце так каваных дзвераў,
                               Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі —
                               Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

Лірыка Я. Купалы прасякнута любоўю да сваёй зямлі, захапленнем яе прыгажосцю. У вершы «Лета» паэт стварае цудоўны малюнак беларускай
прыроды:

                         Лета ты, лета прыгожа-квяцістае,
                         Колькі ты ўносіш аздобы з сабой!

Чаруюць сваім хараством, напаўняюць душу радасным пачуццём каласістыя шнуры збожжа, ранішні ўзыход сонца, пах травы над ракой. Любуючыся прыгожа-квяцістым летам, Я. Купала выказвае думку аб пакутах народа, яго цяжкай долі:

                         Эх! каб, здаецца, ды шчасце да гэтага!
                         Эх! каб, здаецца, менш гора і слёз!..

Лепшыя ўзоры пейзажнай лірыкі Я. Купалы — вершы «Явар і каліна», «Дзве талолі», «Жніво», «Адцвітанне». Паэт паказвае прыроду ў цеснай сувязі з народнай працай, якую ён паэтызуе ў вершы «Жняя». Гераіня верша — простая сялянская дзяўчына. З вянком на галаве яна велічна ідзе па полі, песняй услаўляючы жніво. Аўтар, захоплены працай дзяўчыны, параўноўвае яе з царыцай, з сонцам, з усім самым цудоўным і прыгожым:

                         А яна — царыца —
                         Весела, шчасліва
                         Карануе песняй
                         Залатое жніва.

Захапляючыся хараством прыроды, паэт ніколі не забываў пра народ. Шмат слёз, крыві і пакут прынеслі беларусам першая сусветная і грамадзянская войны.

Драма «Раскіданае гняздо»

Яшчэ не ацэнена

Тэма пошукаў шчасця, праўды, лепшай долі раскрываецца ў п'есе Я. Купалы «Раскіданае гняздо» (1913).

Напісаны твор на аснове фактаў з жыцця сям'і дзеда Ануфрыя, у якога князь Радзівіл адабраў зямлю і хату. Асэнсоўваючы сямейную трагедыю як агульнанародную, Я. Купала паказаў у творы цяжкі шлях беларускага сялянства ў пошуках страчанай бацькаўшчыны, зямлі і волі. У цэнтры п'есы — сям'я Зяблікаў, прозвішча якой асацыіруецца з галечай і абяздоленасцю. Лявон Зяблік амаль 5 гадоў судзіцца з панічом за кавалак зямлі і хату. «Чалавек з зямлёй зрастаецца, як гэта дрэва: ссячы дрэўца — засохне, адбяры ў чалавека зямлю — згіне», — такі асноўны жыццёвы прынцып героя п'есы. Без зямлі ён не ўяўляе свайго існавання і калі судовую справу выйграе паніч, Лявон, даведзены да адчаю, канчае жыццё самагубствам.

Жонка Лявона Марыля — гэта вынослівая, самаахвярная сялянка-пакутніца. Пасля смерці мужа яна ў роспачы, не ведае, дзе шукаць паратунку, як накарміць і абагрэць дзяцей. Спрабуе ўгаварыць Сымона пайсці на службу да паніча. «Падумай, адпусціся, выкінь гордасць з сэрца і паслухай маткі!.. Пакарыся ты ім, — яшчэ не позна!», — просіць яна сына. Але Сымон адмаўляецца ад прапановы. Надзеі ж на дачку Зосю, якая хоча сваім каханнем да паніча дапамагчы родным, Марыля не бачыць. Тлумачачы сваё трагічнае становішча воляю Бога, маці шые жабрацкія торбы.

Па-іншаму адносіцца да складанай жыццёвай сітуацыі старэйшы сын Зяблікаў Сымон. Гэта свабодалюбівы, непакорны, моцны духам чалавек. Ён здольны абараніць сваю чалавечую годнасць, заступіцца за іншых. «Свайго ў крыўду не папушчу, хоць бы там свет дагары нагамі перакуліўся», — гаворыць ён. Зоська і Незнаёмы параўноўваюць яго з вольнай птушкай, магутным арлом: «Птушкаю-арлом быць бы табе і лётаць па паднябессі, як лётае вецер гэты вольны!»

Вобраз Сымона пададзены ў развіцці. Спачатку ён, як і яго бацька, спадзяецца на справядлівасць суда і законаў. Упэўнены ў сваёй праваце, ён, калі дваровыя людзі заворваюць пасевы, з сякераю ў руках бароніць сваю зямлю. Як чалавек рашучы, настойлівы і ўпарты, Сымон хоча дабіцца праўды ўласнымі сіламі. На бацькавай магіле ён дае клятву «жывым не сысці з гэтага месца, з гэтага разграбленага гнязда.., хай б'юць, рэжуць, катуюць». На прапанову маці скарыцца, пайсці да паніча на службу Сымон рашуча адказвае: «Пакарыцца?.. Гэта, мамачка, значыць: прадаць, утапіць сябе, цябе, нас усіх у няволю ім на векі вечныя — запрасіцца ў вечнае рабства, з якога выхаду ніколі не знойдзем ні мы, ні тыя, што пасля нас рабства ў спадчыну атрымаюць». Прымірыцца з панічом для Сымона — гэта здрада, адступніцтва. Становіцца зразумелым, чаму герой так строга асуджае Зосю, якая свядома пайшла на сувязь з панічом і аддала сябе на «загубу, на глум вечны».

Шлях да актыўнай і дзейснай барацьбы Сымон адшукаў не адразу. Пераканаўшыся ў марнасці намаганняў сваімі сіламі дабіцца справядлівасці, Сымон пачынае задумвацца над сэнсам бацькавых слоў, што «трэба розумам ваяваць, а не тапаром». Пад уплывам перажытага (смерці бацькі, страты зямлі і хаты, ганьбы Зоські), а таксама агітацыі Незнаёмага погляды галоўнага героя драмы на шляхі вызвалення з няволі мяняюцца: «I я розумам буду ваяваць і другіх вучыць да гэтае вайны. Годзе крыўды, годзе няпраўды!» Разам з Незнаёмым ён ідзе «на вялікі сход! Па Бацькаўшчыну!» На гэтым сходзе, па словах Незнаёмага, будзе вырашацца пытанне аб тым, як выгнаць з роднай зямлі страшнага смока-упыра, як далей змагацца за поўнае вызваленне.

Такім чынам, на прыкладзе Сымона Я. Купала паказаў працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці беларускіх сялян, пошукі імі шляхоў да вызвалення. Адшукаць страчаную бацькаўшчыну, вырвацца з-пад прыгнёту і ўціску, здабыць зямлю і волю можна толькі шляхам барацьбы, змагання — такая асноўная думка твора.

П'еса «Паўлінка»

Яшчэ не ацэнена

Янка Купала стаяў ля вытокаў беларускай нацыянальнай драматургіі. У яго першай п'есе «Паўлінка» (1912) вырашаецца традыцыйны для драматургіі матыў выкрыцця шляхецкай ганарлівасці, абмежаванасці. Дзеянне разгортваецца вакол дачкі Сцяпана Крыніцкага Паўлінкі, вясковага настаўніка Якіма Сарокі і пыхлівага шляхціца Адольфа Быкоўскага. Паўлінка і Якім — прадстаўнікі маладога пакалення — увасабляюць лепшыя рысы гэтага пакалення, яго імкненні да новага ладу жыцця. Адсталасць, саманадзейнасць, фанабэрыстасць шляхты, яе кансерватыўныя погляды на жыццё, безумоўна, не спрыялі руху наперад. Вобраз Паўлінкі некаторыя даследчыкі творчасці Я. Купалы асацыіруюць з абліччам маладой Беларусі.

https://pedant-spb.ru/remont-smsng/
Мелованная бумага товарный словарь б бумага Мелованная.

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі