МІНСК — АКОПЫ
Пусціўшы дома пагалоску,
Што я нядуж, лячыцца час, –
Пакінуў горад, еду ў вёску
Набраць здароўя на запас.
Трухкоча брычка па дарозе, –
Сам Разымблюм за фурмана, –
Мяне ж падкідвае на возе
Ад ям, калдобін і канаў.
Дарогі нашы, ой, дарогі!
Былі няважны для язды, —
Цяпер сам чорт паломіць ногі,
На хвост нагоніць верады.
Ах вы, шляхі!..
З гары на горку
Кульдык-кульдык, то ўвысь, то ўдол;
Збярэшся з думкай на гаворку,
А тут пад зад цябе вандол*...
Конь пазірае ўбок з укоса
На плех мурожны пад кустом
Ды круціць-верціць пад сам носам,
Як той кадзільніцай, хвастом.
Абапал высяцца прысады,
А дрэвы пэўне па сто год —
Было іх больш, дый далі рады:
Працерабіў іх свой народ.
Гляджу на звалены бярозы, —
Маркотна думкі пацяклі:
Змаглі вы буры і марозы,
Людской сякеры не змаглі.
А людзі? Ведама, як людзі,
Як кожны наскі чалавек:
Садзіць сягоння тое будзе,
Што ўчора так нядбала ссек.
Бяжыць пад коламі гасцінец,
Бягуць прысадзіны назад.
Вакол бясконца свет-дзядзінец,
Палеткі, вёскі, лес, як сад.
Знаёмы гэты мне шлях родны, —
Даўгінаўскі вядомы шлях!
Які нёс годных і нягодных
На векавых сваіх плячах.
З Даўгінава ў Мінск балаголы
Па ім, бывала, дзень у дзень...
Ад дзёгцю пах, скрыпня ад колаў,
Шум ад людзей...
I ўсё, як цень!
Як сон нязбытай абяцанкі...
Заціхнуў шлях, як птах зімой,
Цяпер даўгінаўскай фурманкі
Ты не спаткаеш, браце мой!
Ты не спаткаеш стуль суседа,
А мо й матулі з вас які...
Былі сваімі ў шчасці, ў бедах, —
Цяпер чужыя чужакі.
Ды ані вестачкі адтуля,
I нібы сам адтуль далей,
Адно пачуеш, як зязюля
Кукуе там, як і даўней.
А воўк завые — адгалоскі
Лятуць сюды, калі дзень ціх,
Як бы і воўк адгэтуль вёскі
Забыць не можа там — у іх.
Для птушкі вольнай і для звера,
Як і для думкі — ўвесь ім свет!
Для іх не ўпішаш на паперы
Ні меж гранічных, ні пікет.
А ну, мой косю!
Што там?
Пустка...
Вярні з гасцінца ўбок гужом!
Бо далей — «пропуск», і... «пшэпустка»**
Стань, Разымблюм!
Акопы ўжо!
* В а н д о л — роў, вузкая глыбокая даліна,
тут — у сэнсе калдобіны.
** «Пшэпустка» (польск.) — пропуск.
Апошнiя водгукi
2 года 38 недель назад
2 года 50 недель назад
3 года 1 неделя назад
3 года 1 неделя назад
3 года 17 недель назад
3 года 24 недели назад
3 года 25 недель назад
3 года 38 недель назад
3 года 39 недель назад
3 года 39 недель назад