Кароль

Сярэдняя: 5 (1 голас)
Я кароль над каралямі,
      Пан я над панамі!
Што мне значаць і цары ўсе, —
      Пасудзіце самі.

Тругу-гугу! Тругу-гугу!
      Дзьму я ў рог вайсковы:
Гэта знак даю падданым
      З трубы берастовай.

Лясь-лясь! Лясь-лясь! — 
                               зброяй лясну
      Ўправа, ўлева громка:
Гэта страшу я падданых
      Пугай доўгай, ёмкай.

I сабраў сваіх падданых
      I павёў, павёў я
Цераз горы, цераз долы,
      За гай, за дуброўе.

Тругу-гугу! Тругу-гугу!
      Зноў трублю сярдзіта;
Лясь-лясь! Лясь-лясь! —
                                   свішчу зброяй
      Грозна, санавіта.

I усеўся я на троне —
      На карчы яловым,
А падданыя падданяць, —
      Не буркнуць ні слова.

Толькі — скуб-скуб! Скуб-скуб
                                              траўку
      Згодна ды пакорна,
Ажно рэха ад скубання
      Коціцца прасторна.

Толькі часам мм-у, мм-у! —
      Замычыць цялятка;
Бэ-э, мэ-э! Бэ-э, мэ-э! —
      Забляе ягнятка.

Рох-рох, цох, цох! Кві, кві,
                                   кві-кві!—
      Пісне парасятка,
Ды гі-гі-гі! — адыржэцца
      Недзе жарабятка.

А я важна, а я пышна
      Сяджу на пасадзе,
На падданых пазіраю,
      Як дзе на парадзе.

Сонца косы млоснай спёкай
      Сцелюцца на полі,
А ў дуброве штось шапоча
      Ліст з лістком паволі.

Куку-куку! Куку-куку! —
      Кукуе зязюля;
Піць-піць! Піць-піць! — каня
                                                кліча,
      Як бы после гуляў.

Ву-ву! Ву-ву! — загудзеў жук
      Каля вуха смела;
Ззынь-ззынь! Ззынь-ззынь! —
                           з мёдам з кветкі
      Пчолка зазвінела.

Сэрца мне затрапятала.
      I я без прынукі —
Шась трубу сваю на плечы
      Ды жалейку ў рукі!

Туль-туль-лілі! Туль-туль-
                                          лілі! —
      Граю, не зважаю;
Туля-ляля! Туля-ляля! —
      Птушкам падцінаю.

Гуля-ляля! Не кароль жа
      Я над каралямі?
Я, мой статак, сонца, поле?..
      Пасудзіце самі!

Можам часта мы плакаць...

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)
Можам часта мы плакаць 
    У вялікай бядзе, 
Можам часта мы плакаць 
    У вялікай нудзе. 

Але ёсць жа такі жаль, 
    Нанясе благі лёс, – 
Што хацеў бы заплакаць, 
    Дый не выціснеш слёз.

Перад будучыняй

Сярэдняя: 4.7 (14 галасоў)

Стаім мы перад будучыняй нашай
I ўсё варожым, сочым ейны ход...
Ці ўскрэснем мы, душою ўпаўшы, звяўшы,
Каб выйсці ў свет, як нейкі здольны род...

Сягоння мы жывём і ўдзень мы блудзім
Пад маскай, асляпляючаю нас,
I што сказаць самім сабе і людзям,
Не ведаем, не можам, хоць і час.

Заціснуты, задушаны, як мышы
Пад жорсткім венікам з усіх бакоў,
Шукаем, як сляпыя, не згубіўшы
Таго свайго, што наша ад вякоў.

Пакрыўленыя колісь нашы душы
Дагэтуль выпрастаць не ў моцы йшчэ;
Снуёмся, ў думках зводных затануўшы,
А хтось, а штось і мучыць і пячэ.

Цябе чакаем, будучыні нейкай,
Што прыйдзеш, недзе ўсіх нас павядзеш,
I гінем марна пад чужой апекай,
Адбіўшыся ад родных вехаў, меж.

А хтось далёкі ці хтось, можа, блізкі
Засеў за наш бяседны, сытны стол
I кідае, як з ласкі, нам агрызкі,
А мы к зямлі з падзякай гнёмся ўпол.

Нявольніцтва й жабрацтва так нас з'ела
I так нам высмактала з сэрца сок,
Што нат у вочы глянуць, плюнуць смела
Не смеем, стоптаныя на пясок.

Там чутна: Беларусь! Там — Незалежнасць!
А там — «Паўстань пракляццем...» Ну, а мы?
Мы ў страху... дум крутня... разбежнасць...
Без толку крыллем лопаем, як цьмы.

О, так, як цьмы, як спуджаны вароны!..
I слухаем і нюхаем тут, там:
Які павеяў вецер на загоны, —
Заходні, ўсходні, й ці ад нас, ці к нам?

Аграбленыя з гонару й кашулі,
З свайго прыпынку выгнаныя вон,
Мы дзякуем, што торбы апранулі
На нас ды з нашых нітак-валакон.

З кійком жабрачым так мы, паўналеткі,
Брыдзём, паўзём у свет — скрозь неўпапад.
I прысягаем, клічам Бога ў сведкі,
Што мы — не мы, што нехта вінават...

I так жывём, сябе саміх не знаўшы,
Учора, сёння лазім між канаў...
Няўжо ж бы хто й над будучыняй нашай
Навек залом пракляты заламаў?

Няўжо нас не аб'ясніць розум ясны,
I не пакінем біцца з кута ў кут?
Няўжо кліч вечны будзе ў нас напрасны —
Кліч бураломны: вызваленне з пут?!

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі