Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, — На чужое неба ўжо гляджу сягоння. Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю, Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю. I няма на свеце так вялікай меры, I няма на свеце так каваных дзвераў, Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелю — Беларусь са мною разлучыць пасмелі! Я ад вас далёка... Скажуць гэтак людзі... Але хто заглянуў у чужыя грудзі I паняў хто шчыра той агонь і мора, Што гарыць, бушуе і аб чым гавора? Пойме толькі гэта, хто аж да сканання Не пазнаў спакою, не пазнаў прыстання; Каго доля-ведзьма ад самой калыскі Кідала па свеце, як той ліст вятрыскі. Я ад вас далёка... А дзе ні гляджу я — Дома толькі думка днюе і начуе; Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман, Знаю толькі рэчку — з плытнікамі Нёман. Дзе ў чужыне будзе сад так гадаваны, Дзе такі там хорам важна збудаваны, — Што мне замянілі б хату і бярозкі, Хату і бярозкі беларускай вёскі? Я ад вас далёка... Дзеліць нас паўсвета, — А жыву ж я з вамі і зіму і лета; Чую з вамі ўвосень непагоды песню, Цешуся з праталін вольнага прадвесня. I ці сонца ўзыдзе, і ці сонца зайдзе, — Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе; З выраю ж як толькі сустрачаю гусі, Весці ў іх пытаю з роднай Беларусі. Я ад вас далёка... Жыву між чужымі, Чую ж вашы песні, — водклік шлю сваімі; Дабываю песні ад душы, ад сэрца, Аж бы сам за імі к вам ляцеў, здаецца. Не зрабіць нікому гэткай дамавіны I не вырыць ямы гэтакай глыбіны, Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці, Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці. Я ад вас далёка... Божа ты мой мілы! Неразлучны з вамі да самой магілы, — Не пакіну думаць светам і ўпацёмку: Як там жывіцё вы, як жыве старонка? А хоць дасць мне доля ў дамавіне месца, — Ўстане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца. I ў той бок глядзеці будзе век нязводна, Дзе ляжаць загоны Беларусі роднай.
Апошнiя водгукi
2 года 38 недель назад
2 года 50 недель назад
3 года 1 неделя назад
3 года 1 неделя назад
3 года 17 недель назад
3 года 24 недели назад
3 года 25 недель назад
3 года 38 недель назад
3 года 39 недель назад
3 года 39 недель назад