За што, о божа праведны, магучы,
Караеш так няшчасны свой народ?
Чаму на стогн маўчыць твой гром бліскучы,
На стогн, што да цябе йдзе з году ў год?
За што над намі даў перамаганне
Табою створанай бядзе і цьме,
Спладзіўшы быт сірочага канання
Сынам і іхняй матцы-старане?
*
Ты перунамі крышыш горы, скалы,
I пушчам гібелі твой шле пажар,
А нашых крыўд скрышыць, спаліць і хвалай
Змяніць не можаш, свету уладар!
Зямлю услаў ты ў моры-акіяны,
Штогод разводдзем мыеш рэк сваіх, —
Чаму ж не змыеш ты цярпенняў раны
З душы і сэрца верных слуг тваіх?
*
Вачамі сонейка і зор агністых
Агляд ты робіш дзень і ноч міроў,
I толькі сцежак нашых камяністых
Не бачыш ты, ўсясільны цар цароў.
Не бачыш тых магіл, што путы родзяць,
Магіл, рассеяных, як мак, табой,
Скуль цені прадзедаў выходзяць
I ўзносяць рукі ўвысь к табе з мальбой.
*
Ты ў цвет сваіх нялічаных народаў
Мінуўшчыну і будучыну ўбраў,
А ў нас — караючы чужой свабодай —
Мінулае — і тое адабраў.
Бадзяцца кінуў па бязмерным свеце,
Нявольнікамі кінуў нас гібець
За тую веру, што бацькі і дзеці
Лет сотні ў моц тваю вучылісь мець.
*
Паўзводзіў царствы, даў ім панаванне
I над пасадамі ўзнёс свой пасад,
А нашу Бацькаўшчыну нат прыстання
Пазбавіў, выгнаў чэзнуць сярод крат.
Прадаў на глум і годным, і нягодным
Усё, што ёсць святым для нас і ў нас;
Мы дома — як не дома, правам родным
Сваім не смеема пажыць хоць раз.
*
I ты глядзіш на гэта ўсё, і неба
Тваё маўчыць, як падзямелля мур;
Мальбы няшчасных: долі, праўды, хлеба!
Ты глух паняць, паслаць маланкі бур.
Паймі! пачуй! Сон наш і свой стрывожы, —
Закон і суд свой праведны пашлі!..
Вярні нам Бацькаўшчыну нашу, божа,
Калі ты цар і неба, і зямлі!
Апошнiя водгукi
3 года 45 недель назад
4 года 5 недель назад
4 года 8 недель назад
4 года 8 недель назад
4 года 24 недели назад
4 года 31 неделя назад
4 года 32 недели назад
4 года 45 недель назад
4 года 46 недель назад
4 года 46 недель назад