Песняру-беларусу

Сярэдняя: 3.5 (6 галасоў)

Пытаеш ты, якім быць трэба
Зямлі забытай песняру?
Як у шуканні вечным хлеба
Знайсці яснейшую пару?

О, не хадзі к другім за радай, —
У пушчы сонца не шукай!
Дабудзь з сваёй душы ўсе праўды,
Сваіх дум, сэрца запытай.

Хай сэрца сэрца не баіцца,
Душа з душою хай пяе;
На думках братніх, як на скрыпцы,
Ты песні выгалась свае!

За родну песню будзь ваякай,
Не жджы заплаты ад людзей.
Пясняр - слуга слугі ўсякай,
Пясняр і цар усіх царэй!

Дзе зор гуляюць хараводы,
Зірні зухвала, без трывог,
Прагледзь нябесныя ўсе ходы,
Каб аж задумаўся сам бог!

Падслухай шэпты зямлі-маткі,
У скарбы ўсе яе заглянь,
Каб аж пайшла весць ва ўсе хаткі,
Як з ніў найбольшую браць дань.

Шчаслівы ты ці нешчаслівы,
Будзі сыноў сваёй зямлі,
Над беларускай соннай нівай
Нязгаслы светач распалі!

Глядзі – ўскалышацца, прачнецца
Мільённы прыспаны народ,
I вокліч славы пранясецца,
Пяснярскай славы з роду ў род.

Ты у сваім вянку цярністым
Убачыш міртавы вянок,
I важна слаўлен, песнярыста,
На той свет сойдзеш, як лісток.

Памёр пясняр. – Над белым крыжам
За годам год перабяжыць;
Няпамяць імя пяўца зліжа,
А песня будзе жыць і жыць!

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі