Гэй! далёка за морам за сінім Ёсць адна старана, ёсць адна, А ў ёй князева дочка — княгіня, Світазарай завецца яна. Гэй! далёка за лесам, за борам Ёсць адна старана, ёсць адна, А ў ёй князь у злацістым уборы, Срыбра б'е ад каня, ад сядла. Гэй! далёка за хатай, за вёскай Ёсць адна старана, ёсць адна, А ў ёй молад дзяцюк, бяды цёзка, — Ні ганораў, ні скарбаў няма. Гэй і выйшла, ой! выйшла праява: I той князь, і дзяцюк той бядак Спадабалі княгіню на славу, Спадабалі — і як яшчэ, як! Не на рэчцы лялее вадзіца, I не явар калыша лістком, — Гэта кроў маладая бурліцца, Гэта сэрца пайшло хадуном. I паехалі ўдвух яны ў сваты (Абодвум далей нельга так жыць), I той князь, і дзяцюк небагаты, Світазару за жонку прасіць. Едуць дзень, едуць ноч, едуць доўга, Дзяцюк з той, а князь з той стараны; Таму пнём, таму шляхам дарога; Яны едуць, і едуць яны... Не арлы, сакалы на даліну На дабычу-пажыву лятуць — Два ўдальцы да аздобнай дзяўчыны У яе хорам цудоўны бягуць. «Вот, княгіня, вот, наша ты пані!» — Яны кажуць абодва так ей: «Няхай ласка твая на нас гляне, Няхай выбера, хто ёй мілей!» «Я багат, я брыльянтаў даволі Сыпну, княжна, пад ножкі твае; Маё поле — тваё будзе поле, Табе слугі пакорны мае». «Я хоць бедзен, ды шчыра затое Сваё сэрца, душу табе дам; Не дам слуг, а сам буду слугою, Скарбам стану цаннейшым я сам». Княжна чуе ўсе гэтыя словы, — Бедака бярэ мужам сабе. Князь запеніўся, мсціцца гатовы, Дзецюку ўгрозы сыпе ў кляцьбе. Не груган над ахвярай шыбуе, Не схаваную высачыў косць, К праўдзе ўвагі не знае, не чуе, Як змяя, чалавечая злосць. З чараўніцаю зелле князь вара, З цёмнай сілаю дружбу вядзе; Маладую ўсыпляе ён пару, Маладому аковы кладзе. Прабудзіўся ўдалец, — і што бача? Сам без княжны, апошні з людзей; Світазара у хораме плача, Князь з дружынай гуляе сваей. Ходзяць хмары шумліва, паважна, Падцінае хаўтурны ім звон; Людзі плачуць над хлопцам, над княжнай, Князю б'юць за паклонам паклон.
Апошнiя водгукi
2 года 38 недель назад
2 года 50 недель назад
3 года 1 неделя назад
3 года 1 неделя назад
3 года 17 недель назад
3 года 24 недели назад
3 года 25 недель назад
3 года 38 недель назад
3 года 39 недель назад
3 года 39 недель назад