Паўстань з народу нашага, Прарок,
Праяваў бураломных варажбіт,
I мудрым словам скінь з народу ўрок,
Якім быў век праз ворагаў спавіт!
Збяры ў адну ўсю Беларусь сям'ю.
Вазьмі з яе прысягу і зарок,
Што не прадасць сябе, сваю зямлю...
Зняць путы бацькаўшчыне ўстань, Прарок!
*
Паўстань з народу нашага, Пясняр,
Былых і будучых вякоў баян,
I ў бурны кліч, як буры ўдар,
З віхрамі загудзі пад звон кайдан!
Гудзі над Беларусяй з краю ў край,
У сэрцах спячых распалі пажар,
Над курганамі перуном зайграй!
Збудзіць нябожчыкаў паўстань, Пясняр!
*
Паўстань з народу нашага, Ваяк,
I волатам на вогненным кані
Народ аграблены — бы з торб жабрак —
За бацькаўшчыну павядзі ў агні!
Да хвалы шлях айчыне пакажы,
Змяці з палёў яе чужых бадзяк,
На стражы стань гранічнае мяжы...
Свой край заваяваць паўстань, Ваяк!
*
Паўстань з народу нашага, Ўладар,
Адбудаваць свой збураны пасад,
Бо твой народ забыў, хто гаспадар
I хто яго абдзёр з каронных шат.
На Ўладара жджэ Беларусь даўно.
I жджэ цябе ўладарства Божы дар,
Вялікае, магутнае яно...
Пад беларускі сцяг прыйдзі, Ўладар!
Апошнiя водгукi
3 года 41 неделя назад
4 года 1 неделя назад
4 года 3 недели назад
4 года 3 недели назад
4 года 20 недель назад
4 года 26 недель назад
4 года 27 недель назад
4 года 41 неделя назад
4 года 41 неделя назад
4 года 41 неделя назад