На Куццю

Сярэдняя: 4.5 (24 галасоў)
                        I

На небе зоры ўжо мігцяць,
На полі срэбны снег іскрыцца;
На бел-свет дзівы выпраўляць
Пляцецца ночка-чараўніца.

      Глуш абнялася з цішыной
      I спавівае ўсё у чары,
      Паўзуць і сеюць шорах свой
      Старым парадкам цені-мары.

Вылазе з цемры бледны звод,
Глядзіць сліўнём на долы, горы
I тут і там пускае ў ход
Свае нямыя загаворы.

      I тут і тамка свой прыгон
      Распасцірае царства ночы;
      Салодкі сон, магільны сон
      Смяецца свету ўсяму ў вочы.

                        II

Заныла ўсё, замёрла ўсё, —
Не спіць адвечнае замчышча:
Там пачынаецца жыццё
Ў агнёх старога папялішча.

      Іскрыстым, бліскатным святлом
      Заліты княжскія святліцы,
      Дружына вольная кругом
      Сталоў дубовых варушыцца.

Золататканы абрусы
З сталоў звісаюць дыванамі,
На абрусах чысцей расы
Віно красуецца каўшамі.

      Духі мінуўшчыны куццю
      На старасвецкі лад спраўляюць.
      Даўно бываламу жыццю
      Дары належныя складаюць.

                        III

На беласнежны на пасад
Усходзе князь, усходзе княжна,
За імі слуг пачэсны рад
Стаіць задумліва, суважна.

      Агні брыльянтаў, як зарніц,
      Зіяюць з княжацкай кароны, —
      Краса б'е з князеўных зраніц,
      Як бліск маланак развуглёны.

Звярнулі вочы ўсе ў іх бок,
Прымоўклі гоманы дружыны;
Ўсіх званых зблізку і здалёк
Саколім вокам князь акінуў.

      Бярэ коўш соладка віна,
      П'е за дружыну маладую,
      I княжна з князем п'е да дна;
      Князь гутарку павёў такую.

                        IV

«Адзін, адзін раз толькі ў год
Збірацца можам з ласкі року,
Каб год іржавы карагод
Зганяць з мінуўшчыны далёкай.

      Нас не кранулі косы змен:
      Царым мы ў дум жывых гэйнале,
      Хоць на падмурках гэтых сцен
      Другія наш пасад занялі.

Багі другія верх бяруць,
Суды вядуць над нашым краем,
Свяцільні ж нашы не замруць,
Што ў сэрцах вольных рассвятляем.

      Прашу паклікаці ганцоў
      I месца даці ім па чэсці:
      Ад нашых стоптаных капцоў
      Якія нам прыносяць весці?..»

Закончыў князь, махнуў рукой;
Уходзяць тры ганцы ў святліцу,
Ідуць суважнаю ступой
I князю й княжне пакланіцца.

      А першы гэткі светлы быў,
      Як небам сланыя праменні:
      Ў руцэ меў светач, што на здзіў
      Усе усюды зводзіў цені.

А быў другі і з ног і з рук,
Як гром з жывымі перунамі:
Ў руцэ меў стрэл жалезных пук
I лук стальны меў за плячамі.

      А трэці быў і раб і цар,
      I слаб і дуж ва ўсякім дзеле,
      Як вечнасць, молад быў і стар;
      Меў гуслі — на грудзях віселі.

                        VI

I першы князю гэткі сказ
I княжне скажа міласцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яшчэ ўсе жывы.

      А толькі ўсё той самы лад:
      З вачэй не зняты йшчэ павязкі,
      Ці йдуць уперад ці назад,
      Відны сляды цямрычнай ласкі.

А як ішоў між іх з святлом,
Яны пачулі, ах, пачулі:
Сляпым замораныя сном,
Худыя рукі ўвысь цягнулі.

      За мною ўсцяж, і тут і там,
      Іх вусны бледныя шапталі:
      «Аддайце сонца наша нам!
      Нашто схавалі-расхапалі?»

                        VII

Другі за першым князю сказ
I княжне скажа міласцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яны ўсе жывы.

      А топчуць толькі ўсе той след,
      Валочаць ёрмы за сабою;
      Ці ўбачыць корч, ці ўбачыць цвет,
      Адною жаляцца слязою.

А як чапнуў стралой аб лук,
Яны скрануліся ў прасонні,
I столькі, столькі крэпкіх рук
К маёй паціснулася броні.

      За мною ўсцяж, і тут і там,
      Іх вусны бледныя шапталі:
      «Аддайце славу нашу нам!
      Нашто схавалі-расхапалі?»

                        VIII

I трэці князю гэткі сказ
I княжне скажа міласцівай:
«Я абышоў іх тройчы раз
I відзеў, што яны ўсе жывы.

      А толькі торг усё ідзе
      Над іх душою патаптанай;
      Яны, як цені, ў грамадзе
      Маўчаць і йдуць на пір паганы.

А як я ўдарыў па струне,
Замітусіліся, як пчолы,
I на гарэ і нізіне
Мне падавалі голас кволы.

      За мною ўсцяж, і тут і там,
      Іх вусны бледныя шапталі:
      «Аддайце песню нашу намі
      Нашто схавалі-расхапалі?»

                        IX

Сказаўшы так, маўчаць ганцы,
Маўчыць і князь крыху часіны,
I дасць адказ такі ў канцы
Ганцам на іхнія навіны:

      «Не ўмруць, не ўмруць ужо яны,
      Раз хочуць сонца, славы, песні;
      Заб'юць ім зычныя званы
      Прабудным звонам напрадвесні.

Сваёй забранай старане,
Скаванай мучаніцы-княжне,
Ўзнясуць пасад на кургане
На панаванне недасяжне.

      На дзеле — кожны йшчэ слугой,
      У думках — вольныя ўжо людзі;
      Над сэрцам іх, над іх душой
      Наш дух лунаці вечна будзе.

                        X

Вы, другі верныя, ганцы,
Як летась, сёлета, налета
Ўсе пагранічныя капцы
Абходзьце зноў з маім прыветам.

      Гуслямі, лукам і святлом
      Будзіце, клічце і свяціце
      I так спануйце іхнім сном,
      Каб сон іх счэз і ўсталі жыці.

А покуль поўнач не прыйшла,
Вясці бяседу будзем далей;
Засядзьце ўсе кругом стала,
Хай зазвініць віно ў крышталі.

      А чарку першую ўзнясём
      За цень мінуўшчыны у сеці,
      Другой к цяпершчыне прап'ём,
      Праславім будучыню трэцяй».

                        XI

Садзіцца княжна, князь, кругом
Садзіцца вольная дружына;
Шуміць бяседа за сталом,
Плыве часіна за часінай.

      I разгараецца ясней
      Паходня радасці забытай,
      I светазарнасцю сваей
      Вясёлкі сее самавіты.

Ямчэй нацягваецца лук,
Цэль рассякаюць агнястрэлы,
Дрыжыць паўчына і павук,
Дрыжыць прыблудак ачарнелы.

      Рахкочуць гуслі звон у звон,
      На бел-свет розгалас нясецца,
      Як бел-свет, коціцца разгон
      I ў думцы казкай раздаецца.

                        XII

Плыве шумліва, як рака,
Бяседа вольная такая,
А ўжо нявідзіма рука
На небе поўнач адзначае.

      Залопаў крыллямі пятух, —
      I ціхне-ціхне ўсё ў замчышчы;
      Замоўк разгул, агонь патух,
      Старое згасла папялішча.

На пустку ўзбрыўшы, воўк завыў,
Пуціну заяц перамераў...
А быў тут хто або не быў, —
I так і гэтак мала веры.

      I так і гэтак свой прыгон
      Распасцірае царства ночы:
      Салодкі сон, магільны сон
      Смяецца свету ўсяму ў вочы.

Кожная сустрэча з Купалам

Кожная сустрэча з Купалам гэта сапраўднае сьвята

критика

Отличная поэма

клевый верш!!! )))))купала

клевый верш!!! )))))купала ван лав

А ці не маглі б гаспадары

А ці не маглі б гаспадары зрабіць, каб пры перапосьце не было відно камэнтароў?

А ці не дадалі б гаспадары

А ці не дадалі б гаспадары сайту пераклады паэмаў на рускую мову? Бо ж студэнтам з Расеі няма як далучыцца да шэдэўраў...

Ёсьць пераклад.

Але на іншых ресурсах.

Раю вам сюды:"Янка Куплаа. На кутью. Літературный парнас".

Вывучайце беларускую:) і не

Вывучайце беларускую:) і не будзе ніякіх складанасцяў з далучэннем да шэдэўраў

На куццю

вельмi ўразiла

Як нас знаходзяць

-

Апошнiя водгукi

Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі